Нядаўна ва ўсім свеце адзначаўся
Міжнародны дзень роднай мовы. Па дадзеных ЮНЕСКА ў свеце існуе больш за 7000
моў, 95% з якіх знаходзіцца ва ўжытку ў насельніцтва планеты. Частка моў не мае
сваёй пісьменнасці, а больш за 40% знаходзіцца на мяжы вымірання. У атласе моў
ЮНЕСКА беларуская мова знаходзіцца сярод 25 моў, якім пагражае знікненне.
Мова – частка чалавечай культуры,
гістарычнай спадчыны. Дзякуючы ёй, працягваюць жыць народныя традыцыі. Мова абуджае
цікавасць да пазнання свету, садзейнічае праяўленню павагі да нашага мінулага
і аб’ядноўвае людзей незалежна ад месца
і часу іх пражывання.
Пра гэта распавядалі члены клуба
ЮНЕСКА “Рунь” насельніцтву горада пад час акцыі “Мова народа – душа народа”,
якую яны праводзілі разам з супрацоўніукамі
цэнтральнай раеннай бібліятэкі. А яшчэ навучэнцы прапанавалі выканаць
шэраг заданняў: прачытаць вершы беларусіх паэтаў, адгадаць загадкі, скласці
прыказкі, перакласці словы з рускай мовы на беларускую.
Шчырымі беларускімі словамі і аб
прыродзе, і аб людзях роднага краю гучалі вершы ў выкананні рагачоўцаў. Людзі
больш сталага ўзросту з легкасцю назывлі беларускія народныя танцы: “Крыжачок”,
“Таўкачыкі”, “Лянок”, “Лявоніха”, “Кола”, “Бульба”, “Полька”, “Ківуха”,
“Юрачка”.
А колькі мудрасці схавана ў беларускіх
загадках! Нашы цудоўныя беларусачкі-юнесачкі прапанавалі прахожым паспрабаць іх
адгадаць. За выкананае заданне кожны змог атрымаць пачастунак з фантастычнага
кошыка.
Мерапрыемства атрымалася шчырым і
пазнавальным. Праз гэту акцыю удзельнікі клуба ЮНЕСКА “Рунь”, навучэнцы
Рагачоўскага педагагічнага каледжа, яшчэ раз звярнулі ўвагу на тое, што мову
родную трэба берагчы, даражыць і шанаваць.