воскресенье, 25 февраля 2018 г.

Міжнароднаму дню роднай мовы прысвячаецца…

З нагоды святкавання Міжнароднага дня роднай мовы ў шэрагу клубаў ЮНЕСКА Гомельскай вобласці прайшлі тэматычныя мерыпрыемствы і імпрэзы.

Так, святкаванне Міжнароднага дня распачалося правядзеннем у клубе ЮНЕСКА “Наш час” абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі бліц-акцыі “Паштоўка на роднай мове”. Сябрам клуба было прапанавана напісаць паштоўку на беларускай мове свайму самаму дарагому чалавеку.
 
У святкаванне Дня роднай мовы актыўна ўключыліся сябры клуба ЮНЕСКА “Рунь” Рагачоўскага педагагічнага каледжа. Да міжнароднай даты тут была праведзена квэст-акцыя “Захоўваць і паважаць родную мову – значыць захоўваць і паважаць усе мовы”, у якой гарманічна перапляліся шэраг імпрэз. Самыя любімыя і мілагучныя словы на беларускай мове сябры клуба пакінулі на інфармацыйнай сцяне «Мову родную беражы! Мовай роднай даражы!». Таксама сябры клуба вырашылі праверыць узровень ведання беларускай мовы жыхарамі горада Рагачова, для чаго юнакі і дзяўчаты выправіліся на вуліцы горада і прапанавалі гараджанам перакласці словы з рускай мовы на беларускую. Для навучэнцаў каледжа была арганізавана квэст-гульня “Мая родная мова – мова дружбы”. Са сцэны актавай залы гучалі вершы беларускіх паэтаў, радавалі прысутных і выканаўцы беларускіх песень. Напрыканцы ўсе мерапрыемствы дня аб’ядналіся флэшмобам “Абдымемся па-беларуску” і слоганам «Беларуская мова – усеабдымная, бо мова ахоплівае ўсё».
Квэст-гульня “Размаўляй са-мной па беларуску” прайшла ў клубе ЮНЕСКА “Валянцінкі” сярэдняй школы №8 г.Калінкавічы. Маладыя лідары клуба не толькі задалі пытанні аб роднай мове, але і намалявалі жадаючым беларускія нацыянальныя сімвалы.
Завяршыў тыдзень роднай мовы ў клубах ЮНЕСКА Гомельшчыны запіс папулярнай тэлевіктарыны «Размаўляем па-беларуску» на тэлеканале «Беларусь-3». Новы сезон телегульні адкрылі гомельскія клубы ЮНЕСКА «Архідэя» сярэдняй школы №24 г.Гомеля і «Наш час» абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі.
Напружаная інтэлектуальная гульня на веданне роднай мовы завяршылася перамогай клуба ЮНЕСКА «Наш час». Пераможцы гульні былі ўзнагароджаны кнігамі беларускіх аўтараў.
У сваю чаргу ад клубаў ЮНЕСКА Гомельшчыны вядучай тэлевіктарыны Алене Трацэнка была ўручана тэматычная паштоўка.